“Гомельская праўда” падала ў суд на Сяргея Ляпіна



Прадстаўнікі афіцыйнага выдання “Гомельская праўда” разглядзелі ў фотаздымку, на якім архітэктар Сяргей Ляпін трымаў асобнік газеты над сметніцай, прыкметы замаху на дзелавую рэпутацыю.

Сяргей Ляпін вельмі здзіўлены прэтэнзіямі “Гомельскай праўды”, паколькі не лічыць газету недатыкальным сімвалам, як, напрыклад, Канстытуцыя ці дзяржаўная сімволіка.  

– “Гомельская праўда” просіць абвяржэнне. У ім ёсць фраза, з якой вынікае, што фотаздымак Ляпіна, які выкідае газету “Гомельская праўда” ў сметніцу, не адпавядае рэчаіснасці. Вось гэты пункт выклікае ў мяне ўсмешку. Я не магу сказаць, што фотаздымак не адпавядае рэчаіснасці: ён сапраўдны, і на ім сапраўдная жоўтая гомельская сметніца. Сам гэты фотаздымак зроблены без аніякага ўмяшальніцтва праграмы фоташоп. Таму мяне здзіўляе, як можна абвергнуць гэты здымак. 

Суадказчыкам іска “Гомельскай праўды” аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі выступае незалежны інфармацыйны партал “Моцныя навіны”, на якім публікаваўся Сяргей Ляпін. Калі суд падтрымае пазіцыю “Гомельскай праўды”, то парталу будзе пагражаць закрыццё.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель