„Гомельская праўда” судзіцца з журналістам Сяргеем Ляпіным



Дзяржгазета „Гомельская праўда” судзіцца з незалежным журналістам Сяргеем Ляпіным. Выданне падало ў Эканамічны суд Гомельскай вобласці іск аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Падставай паслужыў здымак Сяргея Ляпіна, на якім той выкідае нумар газеты ў сметніцу. Журналіст такім чынам выказаў сваё меркаванне наконт размешчаных у газеце зняважлівых артыкулаў, напісаным карэспандэнтам Старавойтавым пра Ляпіна.

Намеснік рэдактара „Гомельскай праўды” Вячаслаў Мінкоў паскардзіўся ў судзе на негатыўную інфармацыю, якая з’явілася пасля размяшчэння фотаздымка:

– Высокі суд, я хацеў бы акцэнтаваць вашу ўвагу на вале той негатыўнай інфармацыі пра нашу газету, якая з’явілася неўзабаве пасля размяшчэння здымка Ляпіна, на якім ён выкідае нашу газету ў сметніцу, не толькі „УКантакце”, але і ў „Facebook” ды на розных сайтах.

Сяргей Ляпін падкрэслівае, што фотаздымак – гэта выказванне ўласнага меркавання, на якое мае права кожны чалавек. Таксама ён лічыць, што сума, выстаўленая „Гомельскай праўдай” на аплату адваката – гэта дадатковы рычаг, каб прымусіць яго замаўчаць:

– Я разумею, што тыя, хто ініцыяваў гэты працэс, гэта дадатковы рычаг паўплываць на мяне, прымусіць нічога не рабіць, замаўчаць, каб гэты судовы працэс быў такі вельмі балючы ў фінансавым плане, але мяне ў прынцыпе не застрашае нават гэтая сума.

У зыскавай заяве „Гомельская праўда” просіць прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці словы Ляпіна пад фотаздымкам „артыкул выйшаў па-за межы прыстойнасці” і сам фотаздымкак. А таксама просіць аплаціць юрыдычную дапамогу адваката ў памеры 1450 беларускіх рублёў без уліку дзяржпошліны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель