Гомельская “Талака” абмяжуецца віншаваннем на гарадскім рынку



Гомельская краязнаўчая арганізацыя “Талака” адмовілася ад традыцыйнага шчадравання па хатах. Прычына – пандэмія каронавірусу. Сёлета талакоўцы абмяжуюцца віншаваннем на гарадскім рынку.

Аднак, як распавёў старшыня аб’яднання Пятро Цалка, жыхары Гомельшчыны ўсё роўна чакаюць калядоўшчыкаў, нягледзячы на пандэмію.

–  У мяне на вёсцы, напрыклад, калядаваць пачынаюць з Раства Хрыстова. Мая маці мне яшчэ шостага ўвечары патэлефанавала і кажа, што вось я каляднікаў ужо напякла, цукерак, грошы паклала ўжо. І дзеці хадзілі насамрэч у вёсцы. Магчыма, не так ужо масава, не так шмат выйшла дзяцей,  але вось гэты бок чакання, асабліва для вясковых людзей, вельмі  важны. І на працы сёння слухаеш, што “так, сёння пайду па цукеркі”. Людзі чакаюць.

Падчас шчадравання талакоўцы звычайна водзяць казу, мядзведзя і спяваюць калядныя песні, сабраныя на Гомельшчыне. За гэта шчадроўшчыкаў адорваюць рознымі прысмакамі ці грашыма.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з facebook.com