Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу Сяргея Макрэнкі
Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу Сяргея Макрэнкі на рашэнне Чагуначнага раённага суда адносна немэтазгоднасці адкрыцця беларускамоўнага класа для ягонай дачкі-першакласніцы. Адказчыкі – дырэктар школы №5 і супрацоўнікі аддзела адукацыі гарвыканкама – на пасяджэнні не з’явіліся.
Сяргей Макрэнка лічыць, што дзяржава, адмаўляючы ягонай дачцэ ў праве на адукацыю, абражае яго як падаткапрацельшчыка і грамадзяніна.
– Гэта не толькі абражае мяне, але і яшчэ моцна б’е па бюджэту нашай сям’і. Таму што школа, дзе зараз навучаецца дачка, яна на значнай адлегласці ад месца нашага жыхарства. Гэта такія выдаткі, якія зусім не лішнія для нашай сям’і. І я не магу рэалізаваць права навучання дачкі без асабістага аўтамабіля.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Віктар Адзіночанка лічыць аргументы чыноўнікаў аб “эканамічнай немэтазгоднасці адкрыцця” беларускамоўнага класа для адной вучаніцы супрацьпраўнымі.
– Пра якую якасць засваення ведаў у гэтых умовах можна весці размову, калі дзіця ў 6 раніцы прачынаецца і едзе на іншы канец горада. Тыя людзі, якія хочуць карыстацца беларускай мовай, яны ў дыскрымінаваным становішчы. Ёсць правы. І гэтыя правы павінны быць забяспечаны. Што значыць: эканамічная мэтазгоднасць?
Шматдзетны бацька Сяргей Макрэнка дабіваецца адкрыцця беларускамоўнага класа для сваёй дачкі ў школе №5, якая знаходзіцца непадалёку ад ягонага месца пражывання. З-за адмовы чыноўнікаў адкрыць новы беларускамоўны клас ён вымушаны штодня вазіць дзіця ў іншы канец горада ў гімназію №36 імя Івана Мележа. Сяргей Макрэнка збіраецца абскардзіць судовае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях і ў міжнародных структурах.
Беларускае Радыё Рацыя