Гомельскі аблвыканкам: Усе захварэўшыя ў рэгіёне медыкі адчуваюць сябе здавальняюча



Устаноўлены адзінкавыя выпадкі заражэння каронавіруснай інфекцыяй сярод медыцынскіх работнікаў Гомельскай вобласці. Усе хворыя адчуваюць сябе здавальняюча, знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, паведамілі БелаПАН у Гомельскім аблвыканкаме са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача вобласці Аляксандра Тарасенку.

Паводле інфармацыі санітарных органаў, ва ўстановах аховы здароўя прынятыя дадатковыя меры па бяспецы, у тым ліку па дадатковым навучанні медперсаналу карыстанню сродкамі індывідуальнай абароны.

„Мы яшчэ раз заклікаем нашых грамадзян строга выконваць правілы асабістай гігіены, мінімізаваць кантакты з іншымі асобамі, не наведваць месцы збору людзей і прытрымлівацца правілаў самаізаляцыі пры прыбыцці ў Рэспубліку Беларусь з-за мяжы”, — сказаў галоўны санітарны ўрач вобласці.

Паводле інфармацыі БелаПАН, успышка захворвання медыкаў COVID-19 адбылася ў Буда-Кашалёўскай раённай бальніцы. Там захварэла медсястра, санітарка і ўрачы тэрапеўтычнага аддзялення — як мінімум чатыры чалавекі. Галоўны ўрач Буда-Кашалёўскай ЦРБ Жанна Еўтухова адмовілася каментаваць БелаПАН сітуацыю ў бальніцы, спаслаўшыся на тое, што „ўся інфармацыя ёсць на сайце раённай газеты”. На сайце газеты „Авангард” ёсць артыкул аб працы бальніцы з заклікам галоўнага ўрача да насельніцтва „не паддавацца паніцы”. Інфармацыі аб медыках, якія захварэлі, у матэрыяле няма.

Таксама захварэлі на каранавірус урачы ў Акцябрскім.

belapan.by