Кастусь Жукоўскі адгаладаў у арышце дзесяць дзён



Першыя чатыры дні актывіст трымаў сухую галадоўку. Аднак, як сам кажа, адчувае сябе добра. Хоць адміністрацыя турмы – як звычайна – ўскладняла адбыццё пакарання:

 – Кал я аб’явіў галадоўку, я спачатку сухую аб’явіў. На трэці-чацвёрты дзень запрасіў святара. Мне адмовілі, а паколькі я рэлігійны чалавек, я вырашыў не паміраць, бо пасля 4-5 дзён паміраць ідзеш. Але на пяты дзень мяне завялі да лекара, лекар сказаў, што я не маю рацыі, паміраюць на 13-ты дзень, а могуць пайсці незваротныя змены ў арганізме і можна застацца інвалідам. Я вырашыў кінуць сухую галадоўку і перайшоў проста на воду. 

На “суткі” Кастуся Жукоўскага пасадзілі пасля таго, як ён звярнуўся ў абласны выканкам з заявамі, у якіх скардзіўся на таварыства з абмежаванай адказнасцю „Цэнтр-лізінг”. Гэты забудоўшчык стварае для жыхароў навакольных прыватных дамоў невыносныя ўмовы пражывання. Актывіст паскардзіўся, што засмечваюць яго панадворак. Акрамя таго, прыватны дом актывіста хочуць знесці, а ўзамен не даюць нармальнага жытла.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі, затрыманы 20 лютага міліцыяй і асуджаны да арышту на 10 сутак, абвясціў сухую галадоўку. Пра гэта паведаміў адвакат, які 21 лютага наведаў затрыманага ў ІЧУ.

Адвакату ўдалося даведацца пра абставіны затрымання Кастуся Жукоўскага. 20 лютага ён пайшоў у аблвыканкам, каб падаць скаргу. На ўваходзе ў будынак узнікла спрэчка з ахоўнікам, і той выклікаў міліцыю. Апошнія даставілі актывіста ў суд, дзе ён быў пакараны арыштам за нібыта брудную лаянку. Сведкамі на судзе выступалі ахоўнік, гардэробшчыца і два міліцыянеры.

Як паведаміла яго жонка актывіста, Алена, з абеду 19 лютага яе муж не выходзіў на сувязь. Толькі ўвечары ей  патэлефанавала незнаёмая жанчына, якая паведаміла, што Кастусь Жукоўскі атрымаў 10 сутак і знаходзіцца ў ІЧУ.

* * *

Гомельскі дэмакратычны актывіст Кастусь Жукоўскі правядзе 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Прычына арышту, як і абставіны хуткага суда, – невядомыя. Ягоная жонка Алена Жукоўская дазналася пра затрыманне мужа ўвечары 20 лютага:

– Мне ў 20 гадзін вечара патэлефанавала незнаёмая жанчына і сказала, што Кастусь Жукоўскі затрыманы на 10 сутак. Я спыталася, па якой прычыне? Мне адказалі, што нешта адбылося ў аблвыканкаме. У ізалятары ад мяне прынялі перадачу мужу, але толькі адзенне і сродкі гігіены.

Паводле Алены Жукоўскай, у пакінутай мужам машыне яна знайшла некалькі асобнікаў скаргі на таварыства з абмежаванай адказнасцю „Цэнтр Лізінг”. Гэтая камерцыйная структура з дазволу Гомельскага гарвыканкама вядзе будаўніцтва шматпавярховага дома ў адлегласці ў некалькі метраў ад прыватнай хаты Кастуся Жукоўскага. Актывіст хацеў звярнуць увагу ўладаў на чарговыя парушэнні нормаў будаўніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomelspring.org