Гомельскі актывіст судзіцца з падатковай



Гомельскі актывіст Юрый Клімовіч судзіцца з падатковай, якая налічыла яму штраф больш за 140 мільёнаў беларускіх рублёў. У 2003-4 гадах Юрый Клімовіч быў дырэктарам прадпрыемства „Бел-ОСТ”, якое займалася пастаўкамі беларускай тэхнікі на расейскі рынак.

Праз дзесяць гадоў пасля спынення дзейнасці фірмы падатковыя органы раптам заўважылі, што дзяржава недаатрымала 16 мільёнаў рублёў падаткаў. Экс-дырэктару налічылі больш за 120 мільёнаў пені.

Для Юрыя Клімовіча сталася нечаканасцю тое, што суд Цэнтральнага раёна ўвогуле ўзяўся разглядаць ягоную справу супраць падатковай:

– Справа цягнецца ўжо год, маем дачыненне з тыповым такім выпадкам гульні „ў напёрстак”, калі спачатку я адхіляюся ад гэтага ўласнага прадпрыемства, прызначаецца крызісны прадстаўнік, які падпісвае ўсе дакументы, прызнае ўсе прэтэнзіі, потым падае ў суд на мяне асабіста. Суд эканамічны праштампоўвае гэтае рашэнне, яго патрабаванне да мяне, калі зараз я падаю ў суд на падатковую інспекцыю, задаецца пытанне “А ты хто такі?”.

Працяг судовага пасяджэння адбудзецца 2-га лютага. Юрый Клімовіч перакананы, што сутыкнуўся з палітычным пераследам. Падчас выбараў 2010-га года ён узначальваў абласны штаб апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель