Гомельскі гістарычны цэнтр аддаюць у ахвяру аўтамабілістам
Гомельскія ўлады запланавалі шэраг рэканструкцый, у выніку чаго зменіцца аблічча гістарычнага цэнтра горада. На плошчы Леніна неўзабаве можа з’явіцца падземны пераход, будаўніцтва якога можа знішчыць археалагічны пласт часоў Сярэднявечча і падмурак разбуранага бальшавікамі касцёла. Пераўтварэнне вуліцы Пралетарскай у „чатырохпалоску” пагражае існаванню парка Румянцавых-Паскевічаў. Паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, праект пашырэння аўтадарогі на вуліцы Пралетарскай прадугледжвае частковую засыпку адной з галоўных турыстычных цікавостак горада – Лебядзінай сажалкі.
Сяргей Ляпін: – Па плану, дзеля пашырэнні вуліцы Пралетарскай да 14 метраў, нават спатрэбіцца перанос агароджы парка, якую адносна нядаўна паставілі, а таксама частковая засыпка на некалькі метраў Лебядзінай сажалкі, якая знаходзіцца ў рэчышчы старога Гамеюка.
Гісторык Марыя Булавінская заўважае, што ў грамадскасці ёсць час на тое, каб паўплываць на рашэнне ўладаў.
Марыя Булавінская: – Што тычыцца вуліцы Кірава, якую нядаўна таксама рэканструявалі насуперак жаданню жыхароў, то, скажам так, у людзей нават не было часу, каб за яе змагацца. За яе пачалі змагацца, калі рэканструкцыя ўжо адбылася. У выпадку з Пралетарскай улады як бы прадаставілі месяц. Мне здаецца, што тут трэба ўсім зацікаўленым гуртавацца і працягваць пісаць скаргі не толькі ў гарвыканкам, аблвыканкам, але і Дзяржкантроль, і пракуратуру з пазначэннем усіх негатыўных момантаў, якія мелі месца падчас рэканструкцыі вуліцы Кірава.
Рэканструкцыя вуліцы Пралетарскай, як паведамляе гомельскае „Упраўленне капітальнага будаўніцтва”, пачнецца ў канцы красавіка гэтага года.
Чырвоным пазначаны новыя межы праезнай часткі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота з Фэйсбука Марыі Булавінскай