Гомельскі карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя атрымаў позву ў суд
Гомельскі карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Мікола Бянько атрымаў позву ў суд на 26-га жніўня. А 10-й гадзіне ён павінен з’явіцца ў судзе Цэнтральнага раёна, дзе будзе разглядацца яго скарга на абласную пракуратуру.
Журналіст спрабуе абскардзіць папярэджанне за „незаконную журналісцкую дзейнасць” без акрэдытацыі.
Як адзначае Мікола Бянько, вынік прадказальны пры любым раскладзе, але дараваць прававое бязмежжа яму таксама не хочацца.
– Справа ў тым, што ў мяне няма ніякіх ілюзіяў адносна справядлівасці беларускага суда, я шмат разоў прысутнічаў на працэсах і бачыў, як адбываецца так званае правасуддзе ў нашай краіне. Але я адстойваю прынцыпы распаўсюду інфармацыі, што гарантавана Канстытуцыяй і гэта прыярытэтна, гэта больш важна, чым некаторыя пастановы Міністэрства замежных справаў і разнастайных больш дробных дзяржаўных структураў.
Разглядаць позву Міколы Бянько будзе суддзя Марына Дамненка, якая асудзіла апазіцыйных актывістаў, па падліках праваабаронцаў, у сукупнасці на сто дзявяноста сутак. Мікола Бянько ў выпадку адмоўнага рашэння па яго скарзе збіраецца дайсці да Камітэта ААН па правах чалавека. «Калі сітуацыя зменіцца ў Беларусі, дзяржава будзе павінна прынесці прабачэнні і, магчыма, кампенсаваць нанесеную ў сувязі з гэтым шкоду» – адзначае журналіст.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя