Гомельскі рабочы дабіваецца кампенсацыі за звальненне



Гомельскі рабочы намераны спагнаць грошы за незаконнае звальненне з прадпрыемства „Гомелькабель”.

Сябра незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і слесар Анатоль Паплаўны падаў у суд Чыгуначнага раёна заяву аб маральнай кампенсацыі ў памеры 1000 тысячы беларускіх рублёў:

– Яны павінны больш мяне баяцца, бо парушэнне працоўнага заканадаўства з іх боку ў значнай ступені большае, чым з майго. Я ўсяляк намагаюся не спазняцца, своечасова прыходзіць на працу, сыходзіць з працы, працую без заўваг. Я думаю мне асабліва няма чаго баяцца, хай яны пабаяцца за тое, якія ў іх умовы працы.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка перакананы ў абгрунтаванасці судовых прэтэнзій з боку рабочага да прадпрыемства „Гомелькабель”:

– Паводле Працоўнага кодэксу, кампенсацыю за маральную шкоду можна атрымаць у тых выпадках, калі звальненне прызнаецца незаконным. Суд абавязкова задаволіць патрабаванне Анатоля, пытанне толькі ў суме.

Слесар Анатоль Паплаўны з 2014 года працуе на прадпрыемстве „Гомелькабель”. У пачатку 2017 года працадаўца па сваёй ініцыятыве звольніў працоўнага. Але ўжо ў красавіку ў судовым парадку слесар дамогся аднаўлення на працы і аплаты вымушанага прагула.

Цяпер ён хоча спагнаць 1000 беларускіх рублёў за прыніжэнне, якое выявілася ў незаконным звальненні за два гады да выхаду на пенсію.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота spring96.org