Гомельскі суд пазбавіў грамадзян права на смецце



Суддзя Чыгуначнага раённага суда Галіна Чарнашэй падтрымала іск камунальнага прадпрыемства-манапаліста „Спецкамунтранс” супраць пенсіянера Аляксандра Грыніха, які адмовіўся плаціць за вываз бытавых адходаў. Суд абавязаў гомельца заключыць дамову са „Спецкамунтрансам” і кампенсаваць судовыя выдаткі ў памеры 74 рублёў.

Аляксандр Грыніх лічыць, што тарыфы „Спецкамунтранса” завышаныя, а нормы трэба пераглядаць. У судзе ён зазначаў, што ягонае смецце – гэта ягоная ўласнасць, з якой ён можа распараджацца так, як дазваляе закон:

– Не прыняты ўсе мае спасылкі на законы, якія гарантуюць мне права абыходзіцца са сваёй маёмасцю. Ёсць такая папера, называецца яна прэйскурант, яна ў мяне падкладзены ў дакументы гэтай справы, але яна таксама не разгледжана.

Прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы „Народны кантроль” Генадзь Падальніцкі заўважае, што неўзабаве „Спецкамунтранс” сутыкнецца з аналагічнымі працэсамі:

– Калі за адзін будынак у нас быў рубель, то цяпер на мяне наклалі 5 з нечым рублёў. Дзе яго браць, каб накласці ім столькі смецця па іх коштах, калі ў мяне за месяц не збіраецца нават мяшочка смецця. Штосьці спальваецца ў прыватным сектары, штосьці на корм жывёле, штосьці на перагной ідзе.

Гомельцы, незадаволеныя паслугамі „Спецкамунтранса”, плануюць дабівацца перагляду пунктаў дамоваў, а таксама тарыфаў на вываз смецця з тэрыторыі прыватных падвор’яў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель