Гомельскі валанцёр вымушаны выплаціць 1110 рублёў за харчаванне ў ізалятары
1110 беларускіх рублёў вымушаны выплаціць гомельскі валанцёр Ілля Міронаў за харчаванне ў ізалятары падчас 25 сутак арышту і за паслугі адваката. Актывіста адправілі за краты ў сярэдзіне жніўня за тое, што на ім была майка з надпісам “Пішыце лісты”. Суддзя Цэнтральнага раённага суда Віктар Казачок палічыў надпіс на майцы незаконным пікетаваннем. Ілля Міронаў параўноўвае ўмовы адбывання арышту з катаваннямі.
– Праз свайго адваката і маму пісаў скаргу ў пракуратуру. Быццам бы прыйшоў чалавек, які паведаміў, што ён атрымаў скаргу. Гэта было за пару дзён перад маім выхадам на волю. Ён сказаў: “Я з пракуратуры, якія будуць скаргі?” Я сказаў, што скаргі ў адсутнасці, перш за ўсё, пасцельнай бялізны і матраца. Цяпер холадна, і спаць на жалезе – гэта небяспечна для арганізма. Ён паглядзеў і сышоў. Але нічога не змянілася.
Летась Ілля Міронаў вярнуўся з-за мяжы, каб далучыцца да грамадскай дзейнасці па дапамозе рэпрэсаваным беларусам. Акрамя гэтага, ён з’яўляецца рэкардсменам па колькасці напісаных лістоў палітвязням. На ягоным рахунку – каля 2500 лістоў беларусам, якія апынуліся за кратамі ў выніку пратэстаў супраць уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя