Гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч заяўляе пра пераслед
Гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч заяўляе пра пераслед. Ад ягонага імя дасылаюцца ў пракуратуру фальшывыя скаргі на іншых блогераў.
Актывісты прарасейскіх структур пішуць на яго скаргі ў сілавыя структуры, установы аховы здароўя і органы сацыяльнай апекі. А на выходных невядомыя спрабавалі двойчы трапіць у кватэру Максіма Філіповіча.
– 1 сакавіка, пачынаючы з 23 гадзін 19 хвілін, пачалі моцна грукатаць у дзверы. Аж тынкоўка пасыпалася. Суседзі выйшлі. Казалі, што было 9 чалавек: 7 чалавек былі апранутыя ў форму, двое – у цывільным. Працягвалася гэта ўсё прыкладна паўтары гадзіны. Я патэлефанаваў у міліцыю. Пасля гэтага яны сышлі.
Пра блогера Максіма Філіповіча грамадскасць дазналася ў пачатку 2017 года, калі ён ствараў вострасацыяльныя ролікі супраць так званага Дэкрэта “Аб дармаедах”. За асвятленне “маршаў недармаедаў” ён некалькі разоў адбываў арышты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель