Гомельскі відэаблогер скардзіцца на незаконнае затрыманне



Гомельскі відэаблогер Арцём Шапараў склаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі за незаконнае затрыманне.

Маладзён намераны прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці байцоў АМАП, якія незаконна затрымалі яго на вуліцы прама на вачах 8-гадовай дачкі:

– Маё дзіцё, калі яна бачыць міліцыю, пачынае за мяне хавацца. Вы ўяўляеце, што расце з гэтага дзіця? Нядаўна дачка ўбачыла міліцыю патрульную, калі мы ішлі з крамы, яна пачала зноў плакаць, яна падумала, што зноў ідуць за мной – гэта проста бязмежжа. Я добрапрыстойны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, у мяне сям’я, я не парушаю законы, я жыву па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а ў выніку мяне проста забіраюць на вуліцы. То бок гэта кажа пра тое, што кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, можа быць схоплены.

17 сакавіка гамяльчук Арцём Шапараў вяртаўся дадому пасля суда над ягоным калегам Дзмітрыем Сабуравым. Прыкладна ў 18.20 супрацоўнікі АМАП па памылцы затрымалі блогера і даставілі яго ў Цэнтральны РАУС. Пасля разбіральніцтваў выявілася, што маладзёна пераблыталі з прафсаюзным актывістам Андрэем Стрыжаком.

Беларускае Рады Рацыя, Гомель