Гомельскі выканкам вырашыў ліквідаваць юрасобу сайта „Сильные новости”
Пра пытанні з праверкамі падатковай інспекцыі і праблемамі з сайтам паведаміў у сваім Тэлеграме стваральнік праекту Пётр Кузняцоў.
„Арганізацыя дзейнічала з 2013 года, там было два дзясяткі толькі штатных рабочых месцаў, усе падаткі плаціліся спраўна, уся дзейнасць была выключна статутнай. Мабыць, таму ў пастанове выканкама канкрэтна не паказана ніводнай падставы”.
Адначасова падатковая інспекцыя ладзіць адразу дзве праверкі ў дачыненні да арганізацыі. І на гэтым не ўсё: Кузняцоў, як фізасоба, мусіць заплаціць дадатковы падатак у 40 тыс рублёў.
„Калі коратка, па версіі інспекцыі я павінен заплаціць гэтыя падаткі за тыя грошы, якімі сам папаўняў свае ж карткі – што ні пры якой трактоўцы не з’яўляецца атрыманнем даходу, а з’яўляецца толькі, умоўна кажучы, перакладваннем грошай з адной кішэні ў другую”.
Тым часам, як тлумачыць Кузняцоў, сайт медыя не працуе праз тэхнічныя прычыны: нехта сапсаваў коды. Цяпер праблему вырашаюць. Ён абяцае, што медыя працягне працу.
„Справа ў тым, што ў наш праграмны код хтосьці здолеў пранікнуць і пакінуў там мноства памылак, якія знайсці і выправіць можна толькі ўручную. Кода гэтага шмат тысяч радкоў, таму працэс займае пэўны час”, – распавёў Кузняцоў.
Беларускае Радыё Рацыя