Гомельскі журналіст аштрафаваны на 40 базавых велічынь
Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса 5 мая суд пакараў штрафам у 40 базавых велічынь (920 рублёў) на падставе арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Пастанову вынесла суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Алена Шайн.
Меркіса абвінавацілі ў тым, што ён 31 сакавіка, парушаючы закон аб СМІ, фактычна выконваў функцыі замежнага журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС, ажыццяўляў інтэрв’юіраванне мясцовых жыхароў, знаходзячыся 31 сакавіка на тэрыторыі гомельскага ізалятара часовага ўтрымання.
Меркіс у судзе патлумачыў, што ён не знаходзіцца ў працоўных адносінах з тэлеканалам „Белсат”, у супрацоўніцтве з якім яго абвінавачваюць, а каля ІЧУ ён праводзіў прамую трансляцыю ў „Фэйсбуку” ў чаканні вызвалення блогера Максіма Філіповіча. На пытанне суддзі, як гэты сюжэт з „Фэйсбука” патрапіў на „Белсат”, Меркіс адказаў, што пры сучасных тэхналогіях гэта не так складана. Як доказ яго віны ў судзе было прадэманстравана відэа гомельскага блогера Дзмітрыя Сабурава, які таксама здымаў 31 сакавіка відэа каля ІЧУ.
Варта адзначыць, што Алена Шайн таксама двойчы судзіла намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, пакараўшы яго адміністрацыйным арыштам, і блогера Максіма Філіповіча, якога таксама адпраўляла „на суткі”.
Меркіс адзначыў, што будзе абскарджваць рашэнне суда, хоць лічыць, што гэта не прынясе бачнага выніку, але стане сігналам, што „мы не здаемся і не прызнаем сваёй віны”.
Агульная сума штрафаў за апошнія суды над журналістам склала 115 базавых велічынь (2 тыс. 645 рублёў). Яўген Меркіс вядомы тым, што праводзіў прамыя трансляцыі з „Маршаў недармаедаў” у розных гарадах Беларусі. 23 сакавіка суд Савецкага раёна Гомеля пакараў яго штрафам у 30 базавых велічынь за відэатрансляцыю з акцыі супраць дэкрэта № 3 у Рагачове. 19 красавіка той жа суд пакараў яго штрафам у 40 базавых велічынь за асвятленне „Маршаў недармаедаў” у Пінску і Магілёве. У абодвух выпадках журналісту інкрымінавалася парушэнне арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Міліцыя абвінавачвала яго ў супрацоўніцтве з тэлеканалам „Белсат”.
2 мая суд Навабеліцкага раёна Гомеля прызнаў журналіста-фрылансера вінаватым у нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь (575 рублёў) на падставе арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Меркіс быў затрыманы ў Гомелі 30 красавіка каля прыпынку грамадскага транспарту „2-я школа”. Па дарозе яго схапілі два супрацоўнікі АМАПа і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, а затым даставілі ў Навабеліцкі РАУС. Затрыманне адбылося напярэдадні правядзення ў Гомелі першамайскай акцыі апазіцыі, дазволенай гарвыканкамам.
БелаПАН