Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі не згодны з рашэннем суда
Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі не згодны з рашэннем суда ў адмове маральнай кампенсацыі за напад падчас выканання службовых абавязкаў. Фрылансер супольна з юрыстам Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанідам Судаленкам падрыхтуе скаргу ў суд Гомельскай вобласці, у якой паўторна папросіць прыцягнуць да адказнасці начальніка раённай ветстанцыі Леаніда Казлова, што абліў журналіста невядомай хімічнай вадкасцю ля свінакомплекса „Добрая хрюшка”. Кастусь Жукоўскі заўважае, што сваімі дзеяннямі ветэрынарны ўрач спрабаваў прыхаваць факты пра ачаг „свіной чумы” на Гомельшчыне.
— Туды я ехаў як журналіст. Я там нікога не агітаваў, пікет не ставіў. Акрэдытацыя мне не была патрэбная. Я прыехаў, бачу знак, што аўтамабілям ехаць нельга. Я адставіў аўтамабіль і іду 700 метраў пешшу. Міліцыянт мне кажа: «Тут здымаць нельга, чагу ты сюды ідзеш?» Я прашу паказаць мне паперы, на якой падставе я не павінен туды ісці. Мне не паказваюць ніякіх папер. Ён сказаў, што я не маю права здымаць, бо няма акрэдытацыі, а я ведаю, што маё права — здымаць, і я буду здымаць.
У жніўні 2017 года Кастусь Жукоўскі разам з калегам Андрэем Толчыным прыехалі у вёску Зялёныя Лукі Гомельскага раёна здымаць сюжэт на тэму магчымага ачага „свіной чумы”, але былі сустрэтыя міліцыянтамі і галоўным ветэрынарным лекарам Гомельскага раёна, які абпырскаў журналістаў невядомай хімічнай вадкасцю. У выніку нападу журналіст трапіў у бальніцу.
Беларускае Радыё Рацыя