Гомельскі журналіст накіраваў скаргу ў Камітэт ААН



Гомельскі журналіст-фрылансер падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Мікола Бянько заяўляе, што парушаецца ягонае права на збор і распаўсюд інфармацыі.

Мікола Бянько

„У Беларусі мы прайшлі ўсе ступені ўнутранай абароны – безвынікова”, – тлумачыць журналіст:

– У нас недасканалае заканадаўства, у тым ліку што датычыць акрэдытацыі. Ва ўсім цывілізаваным свеце акрэдытацыя існуе для таго, каб палепшыць працу журналіста – арганізаваць яе як мага лепш, а ў нас для таго, каб пераследваць па надуманых прычынах. Вось гэтае пракурорскае папярэджанне, якое я атрымаў у мінулым годзе разам з калегай Юліяй Сівец, мы абскарджвалі ўвесь час, і ў ніводнай судовай інстанцыі нашу пазіцыю аргументаваную не падтрымалі. І больш за тое, нас пазбавілі права на абарону.

„У судзе першай інстанцыі ўвогуле адмовіліся разглядаць справу – нібыта з-за пратэрмінаванасці тэрмінаў абскарджання”, – кажа Мікола Бянько:

– Мы падавалі ў вышэйстаячыя структуры пракуратуры нашы скаргі і дайшлі да Генеральнай пракуратуры, потым звярнуліся ў суд, але там не знайшлі справядлівасці. Акрамя таго юрыст ад “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Леанід Судаленка мае права і меў даверанасць прадстаўляць мае інтарэсы ў судзе. Гэта таксама не сталі браць у разлік у судах, тое самае было і ў абласным судзе. Гомельская калегія абласнога суда ўвогуле не паведаміла дату і час разгляду скаргі, Вярхоўны суд фактычна абмежаваўся кароткай адпіскай на адну старонку. Таму нічога не засталося, як звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Беларускія ўлады не лічаць аднак рашэнні Камітэта ААН абавязковымі для прымання.

„Тым не менш, рана ці позна Беларусь апынецца ў супольнасці еўрапейскіх краінаў, стане цывілізаванай і будзе вымушана ўлічыць рашэнне Камітэта”, – ўпэўнены гомельскі журналіст.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя