Гомельскі журналіст шпіталізаваны пасля нападу
Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі прыехаў у пасёлак Вішанскі разам з аператарам 8-га жніўня для таго, каб зняць матэрыял пра магчымую эпідэмію афрыканскай чумы свіней. Жыхары раёна паведамілі, што ў гэтай мясцовасці ўжо некалькі тыдняў знішчаюць свіное пагалоўе з-за хваробы.
– Калі мы з аператарам знаходзіліся недалёка ад свінакомплексу, адтуль выскачыў незнаёмы мужчына і апырскаў мяне з пластыкавага балона нейкай вадкасцю. Мне стала дрэнна – закружылася галава, пачалася алергічная рэакцыя, і я выклікаў хуткую дапамогу, – паведаміў БелаПАН Жукоўскі.
Замест медыкаў праз гадзіну прыехалі тры аўтамабілі з міліцыянтамі. Супрацоўнікі прапанавалі яму праехаць у РАУС. Па іх словах, у гэтым месцы забаронена было знаходзіцца, так як там санітарная зона.
– Напэўна, уладам ёсць тут што хаваць, калі нам міліцыя стварае перашкоды для перамяшчэння, – сказаў журналіст.
Пазней Кастуся Жукоўскага ўсё ж такі забралі ў шпіталь з дыягназам «атручэнне невядомым хімічным рэчывам».