Гомельскіх актывістаў дапытваюць па факце рассылкі парнаграфіі
Гомельскіх дэмакратычных актывістаў апытваюць у Следчым камітэце па справе рассылкі парнаграфічнага роліка з узламанай скрыні праваабаронцы Леаніда Судаленкі. У якасці сведак свае тлумачэнні далі Уладзімір Кацора, Віктар Казлоў і Андрэй Толчын.
На думку Андрэя Толчына, работа следчых мае фармальны характар:
– Зараз вырашаюць, што рабіць далей, ці аддаваць камп’ютары, ці ўзбуджаць крымінальную справу. Таму, што ў дзяржавы ўсё ў руках, яны могуць закінуць любы файл у любы камп’ютар і сцвярджаць сваімі ж дзяржаўнымі экспертамі, што гэта адсюль распаўсюджвалася і гэтак далей. Таму на маю думку гэта ўсё не аб’ектыўна, гэта на маю думку спланаваная правакацыя.
Крымінальная справа па факце распаўсюду парнаграфіі з узламанай скрыні праваабаронцы Леаніда Судаленкі была пачатая 14 красавіка гэтага года. 8 красавіка міліцыянты правялі ператрусы з канфіскацыяй на працоўным месцы і на кватэры праваабаронцы.
Праваахоўнікі тлумачылі, што нібыта з электроннай скрыні Леаніда Судаленкі быў накіраваны парнаграфічны відэаролік у Следчы камітэт і інспекцыю па падатках і зборах Савецкага раёна Гомеля.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель