Гомельскіх настаўнікаў прымушаюць збіраць звесткі пра „дармаедаў”



Збор дадзеных пра асобаў, якія вядуць „антыграмадскі лад жыцця і ўхіляюцца ад сацыяльна карыснай дзейнасці”, праводзіцца па ініцыятыве аддзела адукацыі гарвыканкама. Ва ўстановы адукацыі была разасланая спецыяльная таблічка, у якой распісаныя катэгорыі беспрацоўных грамадзянаў. Паводле прадстаўніка праваабарончага цэнтра „Стратэгічнай цяжбы” Васіля Палякова, збор персанальнай інфармацыі – грубае парушэнне права на прыватнае жыццё.

– Я ведаю ўжо выпадкі, калі ў клас, дзе вучыцца сын майго знаёмага, прыйшла класная кіраўнічка і ўсіх запытала: дзеці, падыміце рукі ў каго маці ці бацька не працуюць. Не вельмі прыемна вучням школаў, калі публічна ў іх запытваюцца і яны даюць нейкія звесткі пра тое, працуюць бацькі, ці не працуюць.

Былая дырэктарка адной з гомельскіх школаў Ірына Васільеўна падкрэслівае, што збор асабістай інфармацыі пра бацькоў вучняў не ўваходзіць у кампетэнцыю настаўнікаў.

– Настаўнік не павінен збіраць дадатковую, не звязаную з яго функцыянальнымі абавязкамі, інфармацыю. Нельга сёння дзяцей прымушаць або падштурхоўваць да таго, каб яны выдавалі тую інфармацыю, якую не хочуць выдаваць бацькі. Гэта справа кожнага чалавека – працую я сёння, ці не працую. Урэшце рэшт у Канстытуцыі адзначана, што праца – гэта права, а не жорсткі абавязак за капейкі.

Да катэгорыі асацыяльных элементаў складальнікі апытальніка адносяць і грамадзян, якія афіцыйна працуюць за мяжой, і непрацоўных інвалідаў, і нават мацярок, што знаходзяцца ў дэкрэце па доглядзе за дзецьмі да 3 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя