Гомельскіх рокераў прымусілі прыбраць з Інтэрнэту іх кліп-пародыю на Б’янку
Гомельскіх рокераў прымусілі прыбраць з ютуба кліп-пародыю на ролік расейскай хіп-хоп выканаўцы Б’янкі. За адзін дзень відэа набрала каля 11 тысячаў праглядаў карыстальнікаў. Пасля гэтага ўдзельнікам здымак сталі пагражаць звальненнем. Рэжысёр кліпа „Гук Г – правільная версія” Аляксей Шынкароў паведамляе, што здымачная група вымушаная пайсці на тое, каб прыбраць ролік з Інтэрнэту.
– Пазванілі аднаму з галоўных людзей гэтай установы, дзе здымаўся ролік, і сказалі, што калі хлопцы не выдаляць кліп, то ўсіх звольняць. Прыкладна такі пасыл быў. Я не ведаю, што там гаварылі па тэлефоне, але мне прыкладна так гэта перадалі. Мы не імкнуліся кагосьці высмяяць. Сапраўды быў проста жартаўлівы ролік. Я нават не магу ўявіць, што яны там пабачылі, хутчэй усяго, як мае сябры падказваюць, яны проста спужаліся.
Кліп „Гук Г – правільная версія” – гэта своеасаблівы адказ гомельскіх гукарэжысёраў-музыкаў спявачцы Б’янцы, якая ў сваім кліпе скардзіцца на няякасны гук. Над стварэннем тэкста і музыкі парадыйнай версіі працаваў гомельскі рокер Bigi (Аляксандр Дубовік).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mobilmusic.ru