Абаронцаў гістарычнага цэнтра Гомеля абвінавачваюць у палітычным піяры
Гомельскіх абаронцаў гістарычнага аблічча цэнтральнай плошчы абвінавачваюць у палітычным піяры перад выбарамі. Дзяржаўная газета „Гомельскія ведамасці” апублікавала артыкул у падтрымку праекта рэканструкцыі плошчы Леніна, у якім аспрэчвае аргументы грамадскіх актывістаў.
Гісторык Марыя Булавінская адкідае абвінавачанні наконт перадвыбарчага піяра:
– Мы не з’яўляемся палітычнымі дзеячамі. Тэма падземных пераходаў не мае ніякага палітычнага кантэксту. Гэта ўваходзіць у мой інтарэс, бо я гісторык. Я абараняю сваю пазіцыю ў тым рэчышчы, што плошча мае вялікае гістарычнае значэнне. І таму ёсць нават заканадаўчыя нормы, якія забараняюць там праводзіць будаўнічыя працы, будаваць падземныя пераходы.
Гомельскія гарадскія ўлады ініцыявалі маштабную рэканструкцыю колішняй Базарнай плошчы, у выніку чаго могуць з’явіцца тры падземныя пешпераходы. Гэтыя змены пераўтвораць галоўную плошчу горада выключна ў транспартную развязку.
Апроч таго, як зазначаюць грамадскія актывісты, рэалізацыя праекта, прапанаванага ўладамі, зробіць немагчымым аднаўленне гістарычных помнікаў, падмуркі якіх захаваліся пад асфальтам плошчы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель