Гомельскіх журналістаў зноў будуць судзіць



Гомельскі журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі і яго калега Аляксей Атрошчанка атрымалі па пошце шэсць адміністрацыйных пратаколаў, складзеных у Лоеўскім РАУС, — два ў дачыненні да Атрошчанкі і чатыры ў дачыненні да Жукоўскага.

Кастусь Жукоўскі

Журналістаў абвінавачваюць у непадпарадкаванні і абразе супрацоўнікаў міліцыі, а таксама ў дробным хуліганстве. Пратаколы перададзены на разгляд у суд Лоеўскага раёна. Як паведаміў Жукоўскі, усе пратаколы складзены 28 чэрвеня, у той час як позвы аб яўцы для іх складання, датаваныя 27 чэрвеня, па пошце фрылансеры атрымалі толькі 30 чэрвеня. Пра гэта журналісты ўказалі ў скаргах на імя начальніка Лоеўскага РАУС, адзначыўшы, што складанне пратаколаў пры адсутнасці саміх абвінавачваных з’яўляецца сур’ёзным парушэннем адміністрацыйнага працэсу, якое павінна пацягнуць за сабой адмену пратаколаў.

Журналістаў затрымалі 21 чэрвеня ў Лоеве, дзе яны здымалі сюжэт аб цяжкім эканамічным становішчы цаглянага завода. Фрылансераў затрымалі, даставілі ў аддзел міліцыі, апаратуру выхапілі з рук. Пры гэтым Жукоўскага павалілі на падлогу, надзелі наручнікі, станавіліся нагой на галаву.

„У іх была выдатная магчымасць рэабілітавацца — разабрацца ў тым, што адбылося. Але ўлада дзейнічае па старой схеме: свае злачынствы не прызнае і абвінавачвае невінаватых. Пратаколы цалкам сфальсіфікаваныя, у тым ліку за абразу. Я казаў у РАУС толькі аб тым, што парушальнікі закона яшчэ адкажуць за свае дзеянні, і пажадаў, каб парушальнікі закона і іх нашчадкі да пятага калена захварэлі і вымерлі, як гэта было з катамі НКВД. Гэта было сказана ў дачыненні да парушальнікаў закона ў прынцыпе, а не пра некага канкрэтна. Гэтыя словы я паўтару і на судзе”, — заявіў Жукоўскі.

belapan.by