Гомельскім праваабаронцу і валанцёркам запрасілі пакаранне



У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля з трэцяга верасня ідзе судовае разбіральніцтва над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка.

Усіх іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

Стала вядома, што пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запрасілі пакаранне палітвязням: для праваабаронцы Леаніда Судаленкі і Таццяне Ласіцы — тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенкі — два з паловай гады калоніі.

Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыедзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня адпаведна. Прысуд будзе абвешчаны суддзём Сяргеем Салоўскім бліжэйшым часам.

Леанід Судаленка з-за кратаў расказаў „Вясне”, што адбываецца на закрытым судзе.

Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе былі дапытаныя 61 чалавек – у асноўным, гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу:

„Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць “дзякуй”, звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда”.

Нагадаем, Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.

Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца „Вясны”, у віну яму ставіцца:

– эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за „беспарадкі”;
відэа на ютубе з „Рудабельскай паказухі”, дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;

– заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;

– семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;

– аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

spring96.org