Гомельскія актывісты будуць дамагацца паляпшэння ўмоваў у ІЧУ



Гомельскія дэмакратычныя актывісты маюць намер дабіцца паляпшэння ўмоваў утрымання ў ізалятары. Грамадзяне, якія адбывалі пакаранне за сакавіцкія акцыі пратэсту, скардзяцца на холад, антысанітарыю і кепскае харчаванне. Гомельскі палітык Уладзімір Кацора падчас арышту сутыкнуўся з мноствам абуральных рэчаў.

– Прывезлі нас у ІЧУ. Я адмовіўся здымаць трусы і прысядаць. Стаяў хвілін 10. Мне сказалі, што я да раніцы буду стаяць. Я ўсё ж такі адмовіўся. І калі мяне выпускалі, так яны гэтую працэдуру і не рабілі. Я ім сказаў, калі хочуць, няхай сілком здымаюць, а дабравольна я гэтага рабіць не буду.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць змаганне за годныя ўмовы ў ізалятары важнай задачай:

– Праблема псіхалагічная, калі чалавеку складана скардзіцца на тое, што ён быў нечага пазбаўлены, што яму было холадна ў камеры і так далей. Маўляў, мы мужныя і мусім гэта дэманстраваць. Насамрэч улада мусіць стварыць добрыя ўмовы для ўсіх людзей без выключэння, якія знаходзяцца ў зняволенні, у тым ліку ў ІЧУ. 

Гомельскія актывісты намераныя распрацаваць стратэгію барацьбы за паляпшэнне ўмоваў утрымання вязняў у ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель