Гомельскія дэмакраты агітуюць супраць Лукашэнкі
Прадстаўнікі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі і партыі „Справядлівы свет” ладзяць сустрэчы з грамадзянамі ў Чыгуначным раёне Гомеля, падчас якіх абмяркоўваюць вынікі 20-гадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
Адзін з арганізатараў мерапрыемстваў Уладзімір Кацора адзначае, што большасць прысутных на сустрэчы не з’яўлялася прыхільнікамі ўлады:
– Мне падавалася, што людзі не прыйдуць, што іх гэта мала закранула. Але, як мы бачым, прыйшлі людзі, якія ў большасці сваёй, супраць Лукашэнкі.
Удзельнікі сустрэчы наракаюць на палітычную апатыю насельніцтва:
– Мала народу прыйшло, людзі абыякавыя, апатычныя. Няма ў нас палітычнай культуры, людзей палітыка не цікавіць. Народ у нас забіты, як яго разварушыць, не ведаю. На мой погляд, пакуль усё безвынікова.
– З кожным разам усё горш і горш. Людзі баяцца задаваць пытанні, інэртнай масай пасядзелі і пайшлі.
Напярэдадні акцыі, паводле слоў арганізатараў, было распаўсюджана каля 20 тысячаў запрашэнняў праз паштовыя скрыні.
Яшчэ каля 30 тысячаў улётак было раздадзены ў рукі. На сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі, якая прайшла ў гомельскай сярэдняй школе №57, прысутнічала каля 50 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель