Гомельскія дэмсілы ўскладуць кветкі і вянкі да чарнобыльскай каплічкі



26 красавіка ў Гомелі грамадскія актывісты і палітыкі ўскладуць вянкі і кветкі да чарнобыльскай каплічкі ў раёне Валатава. Такім чынам, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў ушануюць памяць ахвяраў трагедыі на ЧАЭС.

Намеснік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў гаворыць, што сёлета вырашылі адмовіцца ад паездак па чарнобыльскіх рэгіёнах.

— Паездкі па рэгіёнах маюць на мэце перш за ўсё прыцягнуць увагу насельніцтва, таму што актуалізаваць праблему атрымліваецца нават, калі мы робім нейкі пост у Фэйсбуку, ці ў іншай сацыяльнай сетцы. А насельніцтва за доўгія гады ўжо стамілася ад таго, што ім кажуць пра чарнобыльскія праблемы. Людзям хочацца верыць у нешта лепшае, жыць надзеяй, а не згадваць пра тую трагедыю, якая адбылася.

Гомельшчына – найбольш пацярпелы ад радыяцыі рэгіён Беларусі. У той ці іншай ступені радыёактыўнымі элементамі забруджана да 70% тэрыторыі вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя