Гомельскія ІП зноў выйдуць да аблвыканкама праз тыдзень
Гомельскія прадпрымальнікі выйшлі на несанкцыянаваную акцыю пратэста. Наступны сход каля будынку аблвыканкаму ІП правядуць праз тыдзень.
Каля 200 гандляроў з рынкаў абласнога цэнтра сабраліся ля будынку аблвыканкама. Бізнесоўцы патрабуюць ад уладаў увядзення мараторыя на дзеянне Указа №222.
Прадпрымальнік:
– Мы бачым, што праблема не вырашаецца. Перад прадпрымальнікамі паўстала ўжо праблема беспрацоўя. Але ўлады ўсё гэта хочуць „спусціць на тармазах”, каб мы самі выкручваліся, парушалі законы, выходзілі працаваць, таму што выйсця няма. А потым пачнуцца рэпрэсіі, штрафы, паколькі ў краіне няма грошай.
Прадпрымальніца:
– Мы проста хочам працаваць, хочам жыць.
Сямейная пара-прадпрыльнікаў:
– У нас адзін гандлёвы аб’ект і мы падлічылі, што, напрыклад, за студзень мы заплацілі адзіны падатак, падатак на дадатковую вартасць, сацыяльную абарону за наёмнага рабочага, арэнду 10 мільёнаў рублёў. Мы ўдвох – пенсіянеры. У нас пенсія на дваіх – пяць мільёнаў. У мяне 42 гады вытворчага стажу. Мы зарабілі сабе пенсію. І забяспечылі яшчэ двум пенсіянерам пенсію. Што ж мы робім кепскага для дзяржавы?
Прысутныя прадпрымальнікі паскардзіліся, што на мітынг у Менску выйшлі толькі бізнесоўцы з рэгіёнаў, а сталічныя ІП мерапрыемства праігнаравалі.
Прадпрымальнік:
– Я быў на мітынгу ў Менску. Крыўдна, што яго не падтрымалі мінскія прадпрымальнікі. Рэгіёны былі, а Менск не падтрымаў. Нават калі працавалі некаторыя прадпрымальнікі, то маглі ўсё роўна выйсці і побач пастаяць. Між іншым, калі будуць потым канфіскоўваць, то пачнуць з Менска, бо там народ больш багаты.
Прадпрымальнікі заўважаюць, што бізнесоўцам, якія працуюць у малых гарадах, ніколі не знайсці суправаджальных дакументаў на тавар.
Прадрымальнік:
– У малых гарадах вельмі крытычная сітуацыя. Гэта датычыць Жлобіна, Мазыра, Светлагорску і іншых гарадоў. У Менску – лягчэй, бо там ёсць хоць неякія базы. У малых гарадах гэтага няма. Таму сітуацыя невялікіх гарадах увогуле кепская.
Ужо амаль 2 месяцы працягваецца страйк гомельскіх гандляроў вопраткай і абуткам, якія маюць кропкі рэалізацыі тавараў на гарадскіх рынках. За гэты час прадпрымальнікі правялі ў абласным цэнтры 3 масавыя акцыі і некалькі кансультацыйных сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады.
Некалькі дзён таму прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху з Гомеля спрабавалі атрымаць дазвол на правядзенне санкцыянаванага мітынга. Але мясцовыя ўлады адмовілі гандлярам у заяўцы, спаслаўшыся на адсутнасць дамоваў з медыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі.
Да прадпрымальнікаў выйшлі прадстаўнікі мясцовых уладаў. Аднак праблема прадпрымальнікаў не была вырашаная. Дробныя бізнесоўцы дамовіліся сустрэцца зноўку каля аблвыканкама праз тыдзень.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя