Гомельскія “мовананоўцы” падтрымалі таленавітую школьніцу



У Гомелі слухачы “Мова Нанова” зладзілі сацыяльную акцыю. Слухачы і выкладчыкі курсаў павіншавалі з Калядамі і Новым годам пераможцу шматлікіх алімпіяд па беларускай мове Вікторыю Грышкову.

Для дзяўчыны былі падрыхтаваныя каштоўныя падарункі ў выглядзе планшэта, флэшкі, кніг, беларускіх сувеніраў і канцылярскіх тавараў. Школьніцу выхоўвае старэнькая бабуля, таму яна не магла і марыць пра падарункі на Каляды. Настаўніцай васьмікласніцы Вікторыі з’яўляецца вядомы ў Гомелі педагог Вальжына Цярэшчанка.

Вальжына Цярэшчанка:

– Я вельмі радая, што ў мяне была магчымасць прывесці сюды (на моўныя заняткі) маю вучаніцу, каб яна паглядзела на беларускамоўны асяродак Гомеля. Для нас было важна ўбачыць, наколькі людзі шчыра, наколькі незмушальна бавяць час, наколькі ў горадзе ёсць патрэба ў беларускамоўных імпрэзах. Курсы “Мова Нанова” робяць вялікую справу ў плане адраджэння натуральных для кожнага беларуса каштоўнасцей.

Вікторыя Грышкова ўдзячная курсам “Мова Нанова” за падарункі і атмасферу беларускамоўнага свята. Вікторыя Грышкова:

– Як казаў Алесь Гарун: “Ты, мой брат, каго зваць беларусам. Роднай мовы сваёй не цурайся”. Я ні ў якім разе не буду цурацца сваёй роднай мовы, бо для мяне мова – гэта мама. Як магчыма зракчыся сваёй маці?! Вікторыя Грышкова – вучаніца 8-га класа 36-й гомельскай гімназіі імя Івана Мележа. Цягам гэтага года дзяўчына неаднаразова перамагала ў рэспубліканскіх конкурсах і алімпіядах па беларускай мове і літаратуры.

Музычным госцем калядных заняткаў “Мова Нанова” ў Гомелі быў спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які прэзентаваў некалькі новых песень на словы паэтаў Алеся Ліпая і Уладзіміра Някляева.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель