Гомельскія праваабаронцы далучыліся да Тыдня супраць смяротнага пакарання
Гомельскія праваабаронцы далучыліся да тыдня супраць смяротнага пакарання. З 5-га па 10-га кастрычніка адбудуцца тэматычныя мерапрыемствы ў Беларусі і па-за яе межамі. Арганізатарамі Тыдня супраць смяротнага пакарання выступілі “Праваабарончы цэнтр”Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка назваў сем прычынаў, каб адмовіцца ад смяротнага пакарання.
– Гэта і магчымасць судовай памылкі, і тое, што смяротнае пакаранне не з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Пакаранне смерцю спараджае жорсткасць у грамадстве. Наяўнасць інстытута катаў таксама. Пакаранне смерцю не ўхіляе прычыны здзяйснення злачынстваў. Не дае магчымасці выпраўлення і па сваёй сутнасці яно не карае. Крымінальная кара была прыдумана для таго, каб чалавека перавыхоўвалі. А калі ў чалавека страляюць, ён не паспявае ўсвядоміць свой учынак.
На гэтым тыдні Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Гомельскага абласнога суда аб смяротным пакаранні гомельца Сяргея Вострыкава. Суд прызнаў жыхара абласнога цэнтра вінаватым у згвалтаванні і забойстве дзвюх жанчын і прыгаварыў да расстрэлу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель