Акцыя гомельскіх праваабаронцаў супраць дзедаўшчыны
Гомельскія праваабаронцы ініцыявалі акцыю супраць дзедаўшчыны ў беларускім войску. Кампанія збору подпісаў стартавала пасля рэзананснага выпадку збіцця двух маладых салдатаў з Веткі, якія праходзяць тэрміновую службу ў дэсантных войсках у адной з частак Берасця. Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэслівае неабходнасць актуалізацыі праблемы пазастатутных адносінаў у войску:
— Афіцыйная ўлада пераконвае ў адсутнасці пазастатутных адносінаў паміж салдатамі, а насамрэч мы бачым, што дзедаўшчына не толькі працягвае сваё пераможнае шэсце, але фактычна пераўтварылася ў катаванні. Жахліва глядзець на фотаздымкі гэтых салдатаў: з іх здзекаваліся, ад іх стараслужачыя вымагалі грошы.
Гамяльчук Андрэй Толчын яшчэ ў савецкія часы служыў у вайсковай разведцы ГРУ. Ён мяркуе, што так званая дзедаўшчына з’яўляецца вынікам некампетэнтнасці камандзіраў:
— Армія павінна быць арміяй, яна павінны быць прафесійнай і займацца баявой падрыхтоўкай, а салдаты не павінны быць абслугай пры камандзірах. Салдат атрымлівае нейкія пашкоджанні не праз тое, што выконвае баявы ці вайсковы загад, а па прычыне так званых пазастатутных адносінаў, якія на маю думку трэба называць крымінальшчынай, бо гэта — крымінальныя адносіны.
Праваабаронцы заклікаюць грамадзянаў падпісаць петыцыю да міністра абароны. Тэкст петыцыі пад назвай «Спыні самавольства ў арміі — пратэстуй супраць дзедаўшчыны» даступны на онлайн-рэсурсе zvarot.by.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель