Гомельскія праваабаронцы пра справу Жалана Віё



Гомельскія праваабаронцы вітаюць вызваленне француза Жалана Віё, але сумняюцца ў самастойнасці беларускіх суддзяў.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях па справе „француза з патронам”. Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, у яго ёсць сур’ёзныя падставы сумнявацца ў аб’ектыўнасці працы суддзі Тамары Застаўнецкай:

– Казаць пра тое, што рашэнне прымала раённая суддзя першай інстанцыі, сумнавядомая Тамара Застаўнецкая, не даводзіцца. Гэта тая суддзя, якая майго калегу Віктара Казлова прызнала вінаватым у тым, што ён гучна крычаў, выражаўся нецэнзурнай лаянкай. Гэта пры тым, што пасля анкалагічнай аперацыі Віктар Казлоў страціў голас.

Грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак мяркуе, што асноўную ролю ў вызваленні Жалана Віё адыграў ягоны французскі пашпарт:

– Гэтая сітуацыя склалася менавіта так, бо менавіта французскі грамадзянін, а не беларускі грамадзянін Францыі. Гэта не тая краіна з якой ёсць сэнс сварыцца, бо зараз нашыя ўлады відавочна абралі шлях балансу паміж Захадам і Усходам. Рабіць такія рэчы, якія могуць сапсаваць адносіны з заходнімі партнёрамі, зусім няма сэнсу.

20 лістапада суддзя Гомельскага раённага суда Тамара Застаўнецкая апраўдала француза Жалана Віё. Яму пагражала да 7 гадоў турмы за незаконныя дзеянні з боепрыпасамі. У дзеяннях французскага грамадзяніна не было знойдзена матываў і складу злачынства. У судзе выявілася, што замежнік падчас перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы сам паказаў мытнікам патрон, які ён лічыў сувенірным.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель