Гомельскія ўлады не скарысталіся праектам па захаванні драўлянай забудовы
За апошняе дзесяцігоддзе з цэнтральных вуліц Гомеля зруйнавалі ўсю буйную драўляную забудову. Пра гэта паведаміў архітэктар Сяргей Ляпін, які стварыў праект скансена. У культурным квартале прапаноўвалася сабраць унікальныя драўляныя дамы Гомеля. Аднак мясцовыя ўлады напрацоўкамі так і не скарысталіся.
Сяргей Ляпін распавядае пра асаблівасці распрацаванага квартала.
— Я распрацаваў эскізны праект гомельскага скансена, дзе б такая архітэктура магла б атрымаць другое жыццё. Гэта маглі б быць і тыя будынкі, што ўжо знесены, але якія можна аднавіць па старых чарцяжах, і тыя будынкі, якім пагражае знос на пляцоўцы каля парку, у раёне вуліц Садовая, Арцёма і Высокі бераг ракі Сож. На месцы, дзе раней знаходзіўся квартал заможнай забудовы прапанаваў на тым пустыры аднавіць такі квартал.
Паводле праекта, турыстычны квартал драўлянай забудовы планавалася размясціць у цэнтры Гомеля па вуліцы Арцёма. Аднак ужо некалькі год мясцовыя ўлады спрабуюць перагледзець Генеральны план горада, каб забудаваць гэты раён шматпавярховікамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель