Гомельскія валанцёры падтрымалі шматдзетныя сем’і



Гомельскія валанцёры зладзілі акцыю па падтрымцы шматдзетных сем’яў. Прадукты, цацкі і адзенне для дзетак збіраліся сіламі мясцовай грамады.

Валанцёрка Таццяна Марціноўская распавядае, якім чынам выбіраліся адрасаты дапамогі:

– Калі мы вырашылі дапамагчы праблемным сем’ям, мы пазванілі ў аддзел адукацыі, папрасілі іх даць кантакты. Нам падказалі дадзеныя двух-трох сем’яў. Каб сабраць неабходныя прадукты і рэчы, мы звярнуліся да нашых гомельцаў. На наш заклік адгукнулася вельмі шмат людзей.

Адна з удзельніц акцыі Таццяна Максімава гаворыць, што ёй вельмі блізкія праблемы шматдзетных, паколькі ў яе самой дома пяцёра дзяцей.

– Паколькі я сама шматдзетная, ведаю, што паўстае многа жыццёвых нюансаў кожны дзень. То дзецям на лячэнне сабраць грошы, то купіць прадукты… Вось, напрыклад, Юля (мама, якой мы дапамагаем) выхоўвае траіх маленькіх дзетак. Уся сям’я жыве ў маленькіх пакоях інтэрната. Свайго жылля ў іх на гэты момант няма. То бок, фінансавае становішча ў іх складанае.

Маладая шматдзетная мама Юля ад колькасці падарункаў не магла доўга падабраць словы. Жанчына выказвала падзяку, гаварыла, што ніколі раней не сутыкалася з тым, каб незнаёмыя людзі праяўлялі такую дабрыню.

Юля, шматдзетная мама:

– Я вельмі ганаруся нашым народам. Дзякуй усім неабыякавым людзям. Я б таксама хацела паўдзельнічаць у руху валанцёраў. Гэта вельмі патрэбная дзейнасць у наш складаны час!

Таццяна Максімава дадае, што беларусы па-ранейшаму – закрытыя людзі. Нават калі яны хочуць дапамагаць, яны не ведаюць, як гэта зрабіць.

– У 2020 годзе, калі беларускае грамадства перажывала глыбокі крызіс, мы навучыліся аб’ядноўвацца, каб дапамагаць. Што цікава, калі мы прыходзім у сем’і з харчовымі наборамі і рэчамі, людзі не проста бяруць, а гатовыя таксама далучацца. Яны таксама хочуць удзельнічаць у валанцёрскім руху. Многія проста не ведаюць, што можна даволі лёгка знайсці магчымасці дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Гомельскі валанцёрскі рух – ініцыятыва грамадзянаў, якія аб’ядналіся на фоне грамадска-палітычнага крызіса 2020 года. Валанцёры дапамагаюць рэпрэсаваным і іх сваякам, наведваюць палітычныя суды і пішуць лісты палітвязням.

Беларускае Радыё Рацыя