Гомельскія журналісты заклапочаныя лёсам Жалана Віё
Гомельскія журналісты сабралі харчовую перадачу арыштаванаму французу Жалану Віё.
Сябры Гомельскай філіі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” набылі прадукты і гігіенічныя наборы, каб перадаць зняволенаму грамадзяніну Францыі ў мясцовы СІЗА. Паводле ініцыятара акцыі, кіраўніка Гомельскай філіі БАЖ Анатоля Гатоўчыца, журналісты не могуць заставацца ў баку ад праблемы, з якой сутыкнуўся малады калега з Францыі:
– Пастараемся сустрэцца з начальнікам следчага ізалятара і, калі гэта магчыма, пабачыцца з самім Жаланам Віё. Вядома, пастараемся знайсці перакладчыка з французскай мовы, каб усё ж такі высветліць, што з ім здарылася і ў чым ён мае патрэбу.
Сябра БАЖ Марыя Шыманоўская звяртае ўвагу на негуманнае стаўленне да замежнага грамадзяніна з боку беларускай дзяржавы:
– Дзяржава паўстае перад вачыма свету дзікунскай. Людзі, якія не дазвалялі яму звязацца з роднымі, – гэта істоты, якіх назваць людзьмі немагчыма. Ёсць які закон ці не, але неабходна паведаміць родным. Ён жа згубіўся. Мы яму спачуваем і яго родным таксама.
24-гадовы Жалан Віё (Jolan Viaud) быў затрыманы на ўкраінска-беларускай мяжы ў пункце пропуску “Новая Гута” ў канцы верасня. Беларускія мытнікі выявілі ў замежніка адзін патрон. У лісце да родных Жалан Віё патлумачыў, што той патрон яму падарыў польскі сябар у якасці сувеніра. За незаконны зварот і перамяшчэнне праз мяжу боепрыпасаў французу пагражае да сямі гадоў зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота ladepeche.fr