Гомельцы аб’ядноўваюцца дзеля супрацьстаяння ўшчыльненню забудовы
Прадстаўнікі некалькіх арганізацый рэгіёна абмяняліся вопытам змагання за гарадскую прастору на сустрэчы, арганізаванай ініцыятывай „Маем права”. Прадстаўнік сацыяльнага руху „Разам” Юрый Глушакоў прыводзіць прыклад, як гарадскія ўлады імкнуцца забудаваць грамадскія тэрыторыі.
– Ёсць такі сквер, зялёная зона, на вуглу вуліцы Кожара, на скрыжаванні з вуліцай Савецкай. Актывісты налічылі там каля 300 дарослых дрэў, не ўлічваючы хмызнякоў. У канцы 2016 года ўлады змяняюць генплан тэрыторыі, адводзяць яе пад забудову: два дамы шматпавярховыя, паркоўкі на 429 месцаў і прыбудовы пад камерцыйныя аб’екты і банк.
Сябра грамадзянскай кампаніі „Наш Дом” Андрэй Аксёнаў перакананы, што салідарнасць грамадзянаў — эфектыўны інструмент перамогі грамадзянаў у пытанні абароны спрыяльнага гарадскога асяроддзя.
– І адзін з самых моцных аргументаў, на які сёння можа пайсці кансалідаваная грамадзянская супольнасць у кожным горадзе, гэта салідарнасць. З’явілася праблема ў прыватным сектары ў Савецкім раёне, ёсць у людзей жаданне і магчымасць нейкім чынам арганізаваць і папрасіць дапамогі – значыць тыя людзі, якія сутыкаюцца з падобнай праблемай у іншых раёнах горада, прыязджаюць. Самае галоўнае – нас становіцца больш.
Прадстаўнікі гомельскай ініцыятывы „Маем права” плануюць прапанаваць грамадзянам стварэнне арганізацыі, якая б займалася тэрытарыяльным планаваннем і абаронай правоў уласнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomelstreet.info