Гомельцы чакаюць рашэння ўладаў у справе святкавання Дня Волі
Прадстаўнікі гомельскай грамадскасці чакаюць ад кіраўніцтва горада пазітыўнага рашэння ў справе святкавання Дня Волі. Грамадскія актывісты, журналісты і палітыкі звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай прадаставіць памяшканне для ўрачыстага канцэрта з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў звароту Андрэй Стрыжак перакананы, што канцэрт – найбольш адэкватны фармат для жыхароў Гомеля.
– Для мяне асабіста 100 гадоў БНР – гэта перадусім свята, якое вельмі важнае для нашай дзяржавы, бо гэта аднаўленне нашай дзяржаўнасці. І, у прынцыпе, у якой бы форме яно не прайшло, галоўнае, каб гэта прагучала голасна, каб гэта пачулі людзі, і людзі змаглі паўдзельнічаць у мерапрыемстве і адсвяткаваць такую важную для нас дату.
У сярэдзіне лютага гомельскія абласныя ўлады адхілілі прапанову аргкамітэта па адзначэнні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі аб супольным святкаванні. З адказу чыноўнікаў вынікала, што „25 сакавіка не з’яўляецца дзяржаўным святам”.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў спадзяецца, што дазвол на канцэрт ля менскай оперы, які атрымалі сталічныя актывісты, станоўча паўплывае на рашэнне гомельскіх ўладаў.
– Мы спадзяемся, што гэта будзе станоўчы імпульс і для гомельскіх уладаў. Таму звяртаемся да гарвыканкама, каб яны садзейнічалі ў правядзенні гэтага канцэрта. Мы будзем улічваць і іншыя варыянты, але, на маю думку, гэта не тое мерапрыемства, якое павінна раз’ядноўваць і супрацьпастаўляць улады і грамадства.
У Гомелі з нагоды Дня Волі пройдзе серыя святочных мерапрыемстваў, у тым ліку прэзентацыя кнігі пра Палуту Бадунову, экскурсія па мясцінах БНР і ўрачысты канцэрт.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель