Гомельцы дабіваюцца адкрыцця яшчэ аднаго беларускамоўнага класа



Бацька траіх дзяцей Сяргей Макрэнка звярнуўся да адміністрацыі школы і ў гарадскі аддзел адукацыі з просьбай забяспечыць канстытуцыйнае права на навучанне на роднай мове для сваёй малодшай дачкі. Пасля адпраўкі электроннага звароту з заяўнікам сустрэліся чыноўнікі з гарадскога аддзела адукацыі і дырэктар школы №5.

Сяргей Макрэнка распавядае, што няма нарматыўных актаў, якія перашкаджалі б стварэнню беларускамоўнага класа:

– Ёсць артыкул такі ў Кодэксе аб адукацыі за нумарам 158, дзе сказана, што ў класе можа навучацца нават адзін вучань. Нідзе няма патрабаванняў, акрамя нейкіх унутраных дакументаў аддзелу адукацыі, адносна колькасці вучняў у класе. Больш за тое, ёсць яшчэ два артыкулы ў Кодэксе аб адукацыі “Палажэнне аб установах агульнай сярэдняй адукацыі”, што палітыка дзяржавы накіравана на роўнасць моваў.

На гэты момант у Гомелі на базе гімназіі №36 імя Мележа штогод адбываецца набор першакласнікаў у беларускамоўны клас. Апроч гэтага, у паўмільённым горадзе няма іншых навучальных установаў, якія б цалкам забяспечвалі працэс навучання на роднай мове.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель