Адзіная беларускамоўная група ў дзіцячым садку ў Гомелі – пад пагрозай
Адміністрацыя дзіцячай установы №160 паведамляе пра звальненне беларускамоўнага спецыяліста, здольнага весці заняткі на роднай мове. У нефармальных размовах кіраўніцтва дзетсада паведамляе, што нібыта няма дастатковага попыту на беларускую мову.
Радыё Рацыя правяло апытанне ў Гомлі сярод бацькоў, ці аддалі б яны сваіх дзяцей у беларускамоўную групу.
– Калі б школы былі беларускамоўнымі, то магчыма “так”. Магчыма аддала б. А так вельмі складана затым перабудавацца.
– Я не супраць беларускай мовы, хаця я рускамоўная. Беларускую мову трэба паважаць. Але гэта па жаданні бацькоў. Я так лічу.
– Чаму б і не аддаць. Я лічу, што сваю мову трэба падтрымліваць. Мы ўсё ж такі жывем у Беларусі.
Каардынатар моўных курсаў для дашкалятаў „Мова дзяцей” Алеся Аўласевіч заўважае, што распаўсюду роднай мовы ў дашкольных установах перашкаджаюць тры прычыны.
– Няма лаяльнасці з боку садкоў. Вельмі мала заяваяў ад бацькоў. Зараз што мы маем? Садкі кажуць: няма бацькоў, якія ў заяве падкрэслівалі, што яны хочуць беларускамоўную адукацыю. Але пры гэтым з бацькамі не праводзіцца ніякай працы, тлумачэння. І трэцяя прычына, гэта няма настаўнікаў. Няма настаўнікаў, няма кадраў.
У цяперашні час у паўмільённым Гомелі функцыянуе толькі адна група з беларускамоўным навучаннем у дзіцячым садку № 160. Недахоп такіх групаў спрабуюць кампенсаваць грамадскія актывісты. На базе гомельскай філіі ТБМ дзейнічае гурток „Мова дзяцей”, які наведвае каля 70 дзетак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель.
Фота