Гомельцы падрыхтавалі калектыўную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека



Актывісты, якіх пераследвалі падчас антыдармаедскіх акцый пачатку 2017 года, скардзяцца на бесчалавечнае стаўленне і невыносныя ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання. Дапамог скласці скаргу праваабаронца Леанід Судаленка.

Яны казалі пра тое, што там бесчалавечнае абыходжанне, прыраўноўвалі гэта да катаванняў. Напрыклад, ці вельмі яркае святло гарэла, ці дзень і ноч была гучная музыка. Акрамя таго, было холадна, на прагулкі нерэгулярна выводзілі, памыцца там не давалі. У гэтай калектыўнай скарзе ў Камітэт ААН па правах чалавека ў Жэневе будзем ставіць пытанне пра тое, што менавіта ў ізалятары часовага ўтрымання са зняволенымі абыходзяцца такім чынам, прыніжаючы чалавечую годнасць.

12 лютага 2017 года ў Гомелі прайшла адна з найбуйнейшых акцый супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3. Колькасць удзельнікаў мітынгу склала каля 3 тысяч чалавек. Пасля гэтага дзясяткі грамадскіх актывістаў, блогераў і журналістаў трапілі пад пераслед, у тым ліку адбывалі арышт.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель