Гомельцы распрацавалі стратэгію змагання з адноўленым Дэкрэтам “Аб дармаедах”



Актывісты грамадска-палітычнага цэнтра на Палескай і праваабаронцы раяць беларусам пісаць скаргі і падаваць у суды на рашэнні так званых камісій па занятасці ў выпадку, калі іх унеслі ў спіс “не занятых у эканоміцы грамадзян”. А дапамагчы нязгодным гатовыя праваабаронцы і незалежны прафсаюз РЭП.

Гамяльчанка Марыя Тарасенка звярнулася па дапамогу да Леаніда Судаленкі. 

– Мы з мужам прынялі рашэнне з гэтым абсурдам змагацца ў прававой плоскасці. Я звярнулася ў незалежны прафсаюз РЭП. Я стала яго сябрам. Спачатку была скарга ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна, у выканкам. Гэта парушэнне артыкула 41-га, прымушэнне да працы. Гэта парушэнне міжнародных норм.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка звяртае ўвагу на тое, што ўлады ўлічылі досвед масавых пратэстаў беларусаў у пачатку 2017 года.

– Улада ўжо навучаная. Спачатку падвышэнне тарыфу на гарачую ваду – і будуць глядзець, як успрыме беларус. Затым запрацуе цяжкая артылерыя… Сёння няма таго, што плаці падатак і ўсё – як гэта было ў 2017 годзе. Тады ўлада залезла да кожнага ў кішэню і людзі выйшлі з пратэстамі.

На гэты момант, паводле заявы намесніка міністра працы Валерыя Кавалькова, у базе не занятых у эканоміцы грамадзян налічваецца каля 425 тысяч чалавек. У адноўленым Дэкрэце “Аб дармаедах” для такіх грамадзян прадугледжаныя падвышаныя тарыфы за камунальныя плацяжы, а ў некаторых выпадках прымусовая праца.

Беларускае Радыё Рацыя