Гомельцы супраць флагштоку за 650 тысяч даляраў ЗША



Гомельцы пратэстуюць супраць узвядзення гіганцкага флагштоку на плошчы Леніна.

У Інтэрнэце стартавалі некалькі петыцый, у якіх грамадзяне заклікаюць улады адмовіцца ад гэтай ідэі. Пабудова канструкцыі разам з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, паводле абвешчаных каштарысаў, будзе каштаваць гарадскому бюджэту больш за 650 тысяч даляраў ЗША.

Архітэктар Сяргей Ляпін заўважае, што дадзены аб’ект будуецца з парушэннем заканадаўства:

– Гэта канструкцыя, якая павінна паўстаць на плошчы Леніна. І служыць мэтам патрыятычнага выхавання гараджанаў. Але гэта наўпроставая праблема з заканадаўствам. Ёсць ахоўная зона палаца-паркавага ансамбля, у якой забараняецца пабудова наземных збудаванняў.

Гісторык Марыя Булавінская сумняецца ў тым, што з’яўленне на галоўнай гомельскай плошчы флагштоку вышынёй у 60 метраў паспрыяе пашырэнню патрыятычных пачуццяў гараджанаў.

– Калі сапраўды мы ставім пытанне ўзняць патрыятычныя пачуцці ў гараджанаў, то тут перспектыўна зрабіць тое, што ўжо гомельцы даўно патрабуюць ад уладаў – паставіць помнік Станіславу Шабунеўскаму. Гэта архітэктар, які пабудаваў вельмі шмат прыгожых будынкаў у цэнтры горада.

Паводле планаў гомельскіх гарадскіх уладаў, адкрыццё флагштоку з дзяржаўным сцягам адбудзецца падчас травеньскіх святаў.

Беларускае Радыё Рацыя