Гомельцы супраць манапаліста «Спецкамунтранс»



Уласнікі прыватных дамоў у Гомелі выказваюць незадаволенасць паслугамі на вываз смецця ад камунальнага прадпрыемства „Спецкамунтранс”. Гараджане звярнулі ўвагу на тое, што манапаліст у аднабаковым парадку перагледзеў на сваю карысць тарыфы, якія многія ўласнікі прыватных дамоў лічаць неадэкватнымі. Жыхар Гомеля Генадзь Падальніцкі, калі ўбачыў новыя тарыфы летам 2017 года, адмовіўся плаціць за паслугі „Спецкамунтранса”, якімі не карыстаецца.

Генадзь Падальніцкі:

— «Спецкамунтранс» дзесьці ў сярэдзіне лета пачаў выстаўляць аграмадныя рахункі (было штосьці каля 1 рубля стала 4 рублі з капейкамі). Я перастаў плаціць. Тады яны мне даслалі паперу, у якой было напісана, што я абавязаны кампенсаваць кошт іх паслуг, хоць я імі практычна не карыстаюся. Паколькі я жыву ў прыватным доме, то ў мяне практычна не застаецца смецця. Штосьці ідзе ў кампостную яму, штосьці спальваецца ў грубцы, нешта здаецца ў пункты прыёму другаснай сыравіны.

У кастрычніку гэтага года ў Генадзя Падальніцкага памерла маці, але «Спецкамунтранс» па-ранейшаму налічвае камуналку з улікам таго, што памерлая нібыта карыстаецца іх паслугамі.

Праваабаронца Алесь Яўсеянка заўважае, што прадпрыемства-манапаліст фактычна навязвае спажыўцам кабальныя ўмовы.

«Такіх арганізацый кшталту «Спецкамунтранса» мусіць у Гомелі быць некалькі, каб была канкурэнцыя. А так, карыстаючыся сваім манапольным становішчам, яны навязваюць спажыўцу нявыгадныя здзелкі. Яны спасылаюцца на разлікі гарвыканкама, што ў сярэднім чалавек нібыта вырабляе 2,3 м³ смецця ў год. І гэты разлік яны раскідваюць па колькасці жыхароў. Гэта пастарацца трэба, каб столькі смецця назбіраць», — зазначае Алесь Яўсеянка.

Сябра АГП Мікалай Новікаў перакананы, што гараджане пераплачваюць камунальным службам, паколькі ў краіне практычна няма мясцовага самакіравання.

Мікалай Новікаў:

Безумоўна, манаполія «Спецкамунтранса» не мае адкрытага і празрыстага характару. Мы не ведаем, як насамрэч фармуюцца цэны на іх паслугі. Толькі ведаем, што ўлады нібыта з бюджэту кампенсуюць каля 70% выдаткаў грамадзян на вываз смецця, але яны забываюцца, што гэтыя 70% — таксама грошы грамадзян у выглядзе падаткаў і выплат. Каб было развітае мясцовае самакіраванне, то гарадскія ўлады імкнуліся б палепшыць быт грамадзян, быць больш чуллівымі да іх патрэб.

Гомельскае прадпрыемства „Спецкамунтранс” збіраецца ў судовым парадку спагнаць з Генадзя Падальніцкага грошы за іх паслугі па вывазе смецця.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель