Гомельцы ўшанавалі памяць ахвяраў катастрофы на ЧАЭС



Грамадскія актывісты і палітыкі ўсклалі кветкі і вянкі да чарнобыльскай каплічкі ў мікрараёне Валатава.

Старшыня камісіі Вярхоўнага савета па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Віктар Хоміч падзякаваў ліквідатарам. Дэпутат 13-га склікання ўзгадаў жыхара Гомельшчыны Васілія Ігнаценку, які ў Беларусі так і не атрымаў статус героя.

— Я хацеў бы ўзгадаць героя Украіны, нашага земляка, брагінца, Васіля Ігнаценку, якому ва ўзнагародным спісе прэзідэнта Лукашэнкі не знайшлося месца, а Украіна яго ўзнагародзіла. Ён адзін х тых 30 пажарнікаў, што прынялі на сябе той першы ўдар. Ён апошнім пакідаў дах чарнобыльскага рэактара, выносячы на сваёй спіне цела ўжо ледзь жывога пажарніка-лейтынанта.

Гомельшчына – найбольш пацярпелы ад радыяцыі рэгіён Беларусі. Радыёактыўнымі элементамі забруджана да 70% тэрыторыі вобласці. На гэтай тэрыторыі пражывае больш за мільён чалавек. У вобласці не засталося ніводнага адміністрацыйнага раёна, лясы якога не пацярпелі б ад радыёактыўнага забруджвання.

Васіль Краўчук, які займаўся эвакуацыяй вёсак пасля аварыі, абураецца, што ў Беларусі пацярпелых і ліквідатараў пазбавілі ільготаў.

— Нідзе, ні ва Украіне, ні ў Расеі, чарнобыльскіх ільгот не пазбавілі. Толькі ў нас. Найбольш пацярпелы рэгіён – Гомельшчыну — і той пазбавілі. Пазбавілі людзей, якія пацярпелі там, атрымалі інваліднасць і знаходзяцца на ўтрыманні сваёй сям’і. А ў тым, што яны пацярпелі, не сям’я вінаватая, а перш тыя дзяржавы, якія будавалі, якія адпраўлялі туды людзей. Гэта адгукнецца ў будучыні, бо такіх дурняў, якія захочуць удзельнічаць у падобных дзеяннях,  мабыць, ужо не знойдзецца.

У 2007 годзе Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб дзяржаўных ільготах для асобных катэгорыяў грамадзян”. Паводле дакумента, пазбавіліся ільготаў людзі, якія атрымалі інваліднасць у выніку аварыі на ЧАЭС. Таксама з 2013 года ў Беларусі ліквідавалі статус ліквідатараў, замяніўшы на статус пацярпелыя.

Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася 32 гады таму. Аднак пацярпелыя ад яе людзі дагэтуль памятаюць дні, калі адбылася трагедыя.

Ліквідатар Васіль Краўчук узгадвае, як даводзілася эвакуяваць насельніцтва.

— Я займаўся эвакуацыяй вёсак, якія трапілі пад адсяленне. Цяпер усяго не ўспомніць, столькі гадоў мінула. Савічы, дапусцім, вельмі вялікая вёска была, шмат людзей эвакуявалі. Людзі вельмі цяжка пакідалі свае дамы, і кожнага ў аўтобус прыходзілася заганяць ледзь не сілком.

Старшыня гомельскага гарсавета Святлана Гальдадзе гаворыць, што ў 1986 годзе зразумела страшнае слова “эвакуацыя”.

— Людзі выязджалі, не ведаючы, што больш туды не вернуцца. Жанчыны з малымі дзецьмі, якім мы збіралі, даруйце за падрабязнасці, пялюшкі, распашонкі, усялякія жаночыя рэчы і завозілі ім. Бо лік лікам, але мы разумелі, што ў нашай краіне заўсёды знойдуцца падонкі, якія чагосьці пры гэтым не перададуць.

32 гады, 26 красавіка 1986 года, адбыўся выбух 4-га энергаблока Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Толькі ў сярэдзіне траўня 1986 года генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў выступіў па тэлебачанні з нагоды аварыі на ЧАЭС.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель