Гомельцы заклікаюць дэпутатаў не забіраць дзяцей у бедных грамадзян



Гомельскія актывісты заклікаюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў спыніць умяшальніцтва дзяржавы ў жыццё маламаёмасных сем’яў. У адкрытым лісце ідзе гаворка не пра дэвіянтныя сем’і, у якіх знаходжанне дзяцей звязанае з рызыкамі для жыцця. Аўтары зварота выступаюць супраць практыкі адабрання дзяцей з-за матэрыяльных цяжкасцей. Адна з ініцыятараў ліста праваабаронца Марыя Клімовіч лічыць, што педагогі не павінны „заглядаць у лядоўні і чужыя шафы”.

Марыя Клімовіч:

– Праз школу дзяржава ўмешваецца ў малазабяспечаныя сем’і. І пачынае паступова дводзіць да людзей, раз, будучы маламаёмаснымі, нарадзілі дзяцей, то яны — нядобрасумленныя грамадзяне. Гэта можна не казаць адкрытым тэкстам, бо гэта будзе абраза. Але можна паступова, намёкамі, даводзіць думку да людзей, што бедным быць сорамна.

Прадстаўнік Аргкамітэта па стварэнні сацыяльнага руху „Разам” Юрый Глушакоў лічыць практыку адабрання дзяцей у сем’яў з нізкімі прыбыткамі амаральнай:

– Ёсць сем’і алкаголікаў, тых, хто маральна апусціўся, – і тады дзіця трэба бараніць у такой сітуацыі. Але мы сутыкнуліся з выпадкамі, калі ў маці, якая працуе і не злоўжывае алкаголем, адбіраюць дзіця. І спасылаюцца на прапісаную ў заканадаўстве норму, што яна не ў стане аплаціць камунальныя плацяжы.

Адкрыты ліст супраць ціску на маламаёмасныя сем’і падпісалі прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэту, партыі „Справядлівы свет”, Аргкамітэта сацыяльнага руху „Разам”.

Беларускае Радыё Рацыя