Гомелю катастрафічна не хапае дрэў



У Гомелі бракуе зялёных насаджэнняў. За апошнія гады агульная плошча, занятая дрэвамі, у горадзе скарацілася да 17-19% ад нормы. Грамадскі дзеяч Юрый Варонежцаў заўважае, што негатыўная тэндэнцыя абумоўленая як няўмелым доглядам за дрэвамі, так і варварскімі рэканструкцыямі цэнтральных вуліцаў:

– Калі мы паглядзім дакументы, то Гомель зараз скаціўся па ўзроўні азелянення да 17-19% ад нормы. Гэта ў 5 разоў менш зялёных насаджэнняў, чым мусіць быць па норме, бо насельніцтва расце, а колькасць дрэваў памяншаецца.

Рэдактар „Гомельскага зялёнага парталу” Яўген Меркіс сумняецца ў эфектыўнасці дзеянняў гарадскіх уладаў па азеляненні горада:

– Гомельскія ўлады афіцыйна паабяцалі, што да 2025 года яны падымуць узровень азелянення горада. Але праблема ў тым, што ў нас усе гэтыя пераўтварэнні адбываюцца па савецкім шляху, дзе галоўнае – колькасныя паказнікі. Горад замаўляе ў зелянбудаў высадку пэўнай колькасці дрэваў, тыя іх высаджваюць, а як тыя дрэвы прыжывуцца і ці прыжывуцца ўвогуле, пра гэта ніхто не рупіцца.

У канцы 2015 года Гомельская абласная пракуратура звярнула ўвагу на факты незаконнай высечкі дрэваў. Да розных відаў адказнасці было прыцягнута каля 600 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: gp.by