Гою шкада ордэна для шматдзетнай гарадзенкі?



Старшыня Гарадзенскага выканаўчага камітэта Мечыслаў Гой адмовіў Наталлі Малахінскай у атрымані характарыстыкі на дзяцей. Паводле закона, яна, як маці пяцярых дзетак, павінна была атрымаць ордэн Маці.

Адмова ў наданні ўзнагароды па-за яго непасрэднай юрысдыкцыяй, да таго ж характарыстыкі фармальна не маюць ніякага ўплыву на яе атрыманне.

Пра свой візіт да Мечыслава Гоя распавяла Наталля Малахінская:

– Я пайшла з нагоды таго, што не давалі характарыстыкі са школы на дзяцей, для таго, каб атрымаць ордэн Маці за нараджэнне пятага дзіцяці. Трэба сабраць увесь пакет дакументаў, у садзіку характарыстыку далі, усё ўзяла, як мае быць. Характарыстыку ён пачытаў, сказаў, што добрая. Я задала пытанне: “Па якой прычыне мне школа не дае характарыстыкі на дзяцей?”. Ён пасля кажа: “Вы ведаеце, што ордэн Маці не кожны заслугоўвае, можа быць дзіцячы садок чагосьці не даглядзеў?”.

Адмова ў выдачы характарыстык і абвінавачванні ў адрас яе дзяцей у школе, Наталля Малахінская лічыць надуманымі і паклёпніцкімі. Цяпер яна плануе падаваць скаргі ў пракуратуру на асобаў, якія не прадстаўляюць ёй характарыстыкі на яе дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня