Граф Прушынскі: Штаб-кватэра ААН павінна быць у Менску



Нагадаем, што Аляксандр Прушынскі збіраўся балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але яго ініцыятыўная група па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48 не была зарэгістравана з прычыны недакладных дадзеных трох чалавек у спісе групы.

Але і без гэтага у графа вельмі шмат ініцыятыў.

Аляксандр Прушынскі: Мая прапанова для беларускіх уладаў такая – яны павінны зрабіць усё, каб перамясціць штаб-кватэру ААН у Менск. Гэта важна не толькі для прэстыжа краіны, але і горад атрымаў бы дадатковыя эканамічныя бонусы. У беларускую сталіцу прыехалі б тысячы замежных дыпламатаў, штогод яны б пакідалі каля 60 мільёнаў даляраў.

РР: Ваша ініцыятыва нагадвае жаданне Астапа Бендэра зрабіць Нью-Васюкі сусветнай шахматнай сталіцай…

Аляксандр Прушынскі: Паверце, у Менска шмат пераваг перад Нью-Ёркам, дзе зараз знаходзіцца штаб-кватэра ААН. Менск – чысты, спакойны і даволі танны горад. Кошт утрымання дэлегацый у беларускай сталіцы прыкладна на 30 адсоткаў меншы, чым у Амерыцы.

Але хачу адзначыць, што арганізацыя пераноса штаб-кватэры ААН можа быць паспяховай толькі пры ўмове, калі Беларусь будзе сапраўды незалежнай краінай, а не адным з рэгіёнаў Расеі.

РР: Вы збіраліся пазмагацца за дэпутацкі мандат, але не атрымалася. Навошта вам дэпутацтва?

Аляксандр Прушынскі: Хацеў на парламенцкіх сесіях уносіць свае прапановы, а іх у мяне багата. Напрыклад, я хацеў бы палепшыць жыццё людзей у ваўкавыскім рэгіёне, адкуль сам родам. Па-першае, прапаноўваў адкрыць польскі ВНУ ў Ваўкавыску, бо многія едуць на вучобу ў Польшчу. Па-другое, трэба, каб праз гэты горад хадзіў цягнік у Беласток. І яшчэ я хацеў бы, каб у гэтым раённым цэнтры быў арганізаваны фестываль кантры-музыкі па прыкладзе Польшчы і было польскае консульства.

РР: Дзе вы зараз жывеце?

Аляксандр Прушынскі: У Менску. Мая жонка, якая працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы, атрымала кватэру.

РР: Але пенсію атрымліваеце не ў Беларусі?

Аляксандр Прушынскі: У мяне канадская пенсія — 1600 даляраў у месяц. На жыццё хапае…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара