Графіціст Алег Ларычаў аштрафаваны на 30 базавых велічынь
Графіціст Алег Ларычаў пакараны штрафам. Суд абвяшчаў вырак без прысутнасці самога Ларычава, які падаў папярэдне адпаведнае хадайніцтва, спаслаўшыся на сямейныя абставіны.
Падставай для судовага разбіральніцтва было надуманае абвінавачанне ў лаянцы матам, а галоўнай прычынай для затрымання была спроба зрабіць графіці, бо супрацоўнікі міліцыі ўжо сачылі за графіцістамі, кажа Алег Ларычаў.
– Яны сачылі, як і дзе мы хадзілі. Яны ад пад’езда сачылі за намі. Я не разумею, у нас нейкі каменданцкі час, што пасля пэўнай гадзіны нельга выходзіць з хаты? Як я разумею з гэтых размоў, яны не першы раз сочаць за мной. Мінулым разам мяне затрымлівалі каля кафэ, таксама пад’ехаў сіні бусік і адразу мяне пацягнулі.
Днём раней суд аштрафаваў таксама сяброўку Алега Ларычава Ганну Новік, якая атрымала штраф у памеры 10 базавых велічынь, што складае 230 рублёў. Графіцісты былі затрыманыя на выходных і да суда ўтрымліваліся ў ізалятары.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота nn.by